Х Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Суверэнітэт - Бяспека - Інтэграцыя як канстанты ўстойлівага дзяржаўнага развіцця: міжнародны вопыт і нацыянальныя рэаліі" праходзіць 31 мая і 1 чэрвеня. Навуковая падзея прымеркавана да 30-годдзя Інстытута Прэзідэнцтва Рэспублікі Беларусь. Удзел у канферэнцыі бяруць больш за 230 вучоных, даследчыкаў, экспертаў, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады і кіравання з дзесяці краін: Беларусі, Расіі, Кітая, Казахстана, Венесуэлы, Японіі і іншых. Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Перцоў зачытаў зварот Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі да ўдзельнікаў канферэнцыі.
Маштабнае мерапрыемства адкрыла рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, якая адзначыла, што юбілейная канферэнцыя стала самай маштабнай і сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў. Лейтматыў канферэнцыі - абмеркаванне пытанняў, якія забяспечваюць устойлівае дзяржаўнае развіццё Беларусі і стабільныя ўзаемавыгадныя адносіны з дружалюбнымі краінамі. Ірына Фёдараўна падкрэсліла, што ў развіцці дзяржавы значную ролю адыгрываюць рэгіёны, бо моцныя рэгіёны - моцная краіна, таму невыпадкова канферэнцыя праходзіць у абласным цэнтры.
У рамках канферэнцыі працуюць секцыі, круглыя сталы, дзе будуць абмяркоўвацца розныя тэмы, звязаныя з функцыянаваннем палітычных органаў улады і кіравання, узаемасувязі ўлады і грамадзянскай супольнасці, а таксама ўзаемаадносіны з сяброўскімі партнёрамі. Як адзначыў загадчык кафедры паліталогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Віктар Ватыль, настаў час пакінуць у мінулым перайманне заходнееўрапейскаму вопыту. Неабходна нацыяналізаваць не толькі паліталогію, але і дзяржаўны досвед.
Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Перцоў падкрэсліў, што сёння задача вучоных - даць навуковае абгрунтаванне працэсам, якія адбываюцца ў розных сферах дзяржаўнага жыцця. Неабходна больш выступаў палітолагаў у сродках масавай інфармацыі, якія маглі б тлумачыць простай мовай фенаменальныя працэсы, якія адбываюцца ў паступальным развіцці нашай дзяржавы як суверэннай, дэмакратычнай і незалежнай.
- Мы б хацелі, каб у рамках канферэнцыі палітолагі далі навуковае абгрунтаванне інстытуту ВНС, якое прайшло сёмы раз, але ўпершыню ў новым статусе вышэйшага канстытуцыйнага органа краіны. Важна даць абгрунтаванне электаральнаму цыклу, у які мы зараз уступаем, электаральнаму суверэнітэту, пра які мы заяўляем, удзелу Беларусі ў інтэграцыйных аб'яднаннях, дзе мы ўжо знаходзімся, і куды мы ўвойдзем у бліжэйшы час. Мы спадзяемся, што ў рамках гэтай канферэнцыі адказы на многія пытанні дадуць вучоныя розумы, якія сабраліся ў Гродне, - распавёў Уладзімір Перцоў.
Планам работы канферэнцыі прадугледжаны работа навуковых секцый і круглых сталоў, у тым ліку на базе рэгіянальнага аддзялення Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) па Гродзенскай вобласці, вячэрнія сесіі і прэзентацыі.