Мерапрыемства з удзелам начальнікаў упраўленняў і аддзелаў адукацыі гарадскога і раённых выканаўчых камітэтаў Гродзенскай вобласці, кіраўніцтва Купалаўскага ўніверсітэта адбылося 8 кастрычніка.
Партнёрскія адносіны паміж Купалаўскім універсітэтам і ўпраўленнямі і аддзеламі адукацыі гарадскога і раённых выканаўчых камітэтаў Гродзенскай вобласці развіваюцца даўно. Сённяшняя цырымонія падпісання дакумента пацвердзіла і ўмацавала супрацоўніцтва, вызначыўшы новыя перспектывы.
– Праграма, якую мы падпішам сёння, дазволіць нам супрацоўнічаць больш цесна ва ўсіх даступных фарматах і будзе карысная абодвум бакам - і універсітэту, і школам. Мы нацэлены на плённае ўзаемадзеянне, наперадзе нас чакае цікавая сумесная работа, якая прынясе карысць не толькі нашаму рэгіёну, але і дзяржаве, – падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Руслан Абрамчык.
Для ўдзельнікаў сустрэчы рэктар універсітэта Ірына Кітурка прадставіла даклад на тэму «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы: праца на агульны вынік са знакам якасці». У пачатку свайго выступлення яна працытавала словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, сказаныя на Рэспубліканскай педагагічнай радзе напярэдадні новага навучальнага года, аб тым, што «сфера адукацыі – гэта дзяржаваўтваральная галіна» і што «неабходна на справе ўмацаваць звязак усіх узроўняў адукацыі - ад школы, ВНУ да прадпрыемства».
Падчас свайго выступу Ірына Фёдараўна расказала гасцям аб Купалаўскім універсітэце, падкрэсліўшы яго канкурэнтныя перавагі. Сярод іх – высокі акадэмічны аўтарытэт у краіне і ў свеце, шматпрофільнасць універсітэта, гнуткае рэагаванне на змены навакольнага асяроддзя, дыверсіфікацыя адукацыйнай дзейнасці, укараненне інструментаў сістэмнага менеджменту, высокі ўзровень цыфравізацыі, пастаянныя дасягненні студэнцкай моладзі, карпаратыўная культура і многае іншае. Пералічыла рэктар мерапрыемства і праекты ў рамках прафарыентацыйнай работы ўніверсітэта са школьнікамі на этапе выбару іх будучай прафесійнай траекторыі. Гэта шматпрофільная алімпіяда, кірмашы мэтавай падрыхтоўкі, «PROF-вакацыі», «Купалаўскі старт», «Настаўнік NEXT», «Хрустальная Альфа», анлайн-стрымы, прасоўванне ў сацсетках, удзел школьнікаў у мерапрыемствах універсітэта. Акрамя таго, Ірына Фёдараўна анансавала адкрыты бацькоўскі сход з удзелам рэктара, які адбудзецца 26 кастрычніка 2024 года. Яно будзе актуальным для ўсіх бацькоў, якія зацікаўлены адукацыйнымі паслугамі, якія прадстаўляюцца Купалаўскім універсітэтам.
– Уся наша работа накіравана на тое, каб выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял кожнага, хто да нас прыходзіць. І я ўпэўнена, што, дзейнічаючы ў цесным звязку са школамі, арганізацыямі і прадпрыемствамі, мы зможам дасягнуць найвышэйшых вынікаў у падрыхтоўцы кадраў, – адзначыла Ірына Кітурка.
Першы прарэктар Купалаўскага ўніверсітэта Аляксандр Карэўскі пракаментаваў праграму ўзаемадзеяння ў рамках Гродзенскага абласнога адукацыйнага кластара, адзначыўшы, што яна даволі ёмістая і ўяўляе сабой своеасаблівыя метадычныя рэкамендацыі для прафарыентацыйнай работы. У дадзенай праграме ёсць дадатак з неабходнай інфармацыяй аб факультэтах і кантактнай інфармацыяй адказнай асобы.
Праграму ўзаемадзеяння ў рамках Гродзенскага абласнога адукацыйнага кластара сваімі подпісамі замацавалі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Руслан Абрамчык і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
Таксама ў рамках сустрэчы былі ўручаны дыпломы Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў пяці прадстаўнікам педагагічнай супольнасці Купалаўскага ўніверсітэта за высокія дасягненні па развіццю інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў.
Скончылася мерапрыемства агульным фатаграфаваннем.