Кафедра беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства філалагічнага факультэта 19 лютага 2015 года адзначыла Дзень роднай мовы ў фармаце сустрэчы з пісьменнікамі Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. «Ад слова вырастаюць крылы» – пад такім матывам прайшла ўрачыстая святочная імпрэза, якая сабрала шмат прыхільнікаў роднага слова: школьнікаў і студэнтаў, выкладчыкаў і паэтаў – усіх, хто неабыякавы да лесу Мовы, да велічнай місіі і чароўнага хараства Слова.
З прывітальным словам да гасцей і прысутных звярнуліся дэкан філалагічнага факультэта Іна Самсонаўна Лісоўская і загадчык кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Алена Станіславаўна Садоўская. Дацэнт Н.Э. Шандроха разам са студэнтамі-выпускнікамі спец. «Беларуская філалогія» падарылі некалькі імгненняў Яе Вялікасці Рыторыкі, а прафесар кафедры М.А. Даніловіч падзяліўся цікавымі статыстычнымі звесткамі адносна месца і ролі беларускай мовы ў айчынным і сусветным кантэксце.
«Душэўна пранікненыя і духоўна глыбокія, самабытныя і неардынарныя, прагучалі вершы на беларускай і рускай мовах у выкананні рупліўцаў роднага слова старшыні Гродзенскага Саюза пісьменнікаў Беларусі Людмілы Кебіч, паэтэс Алы Нікіпорчык і Алены Руцкай, паэта-авангарда Дзмітрыя Радзівончыка. Слухачы мелі шыкоўную магчымасць адчуць, што хіба толькі паэт і можа зблізіць найаддаленае, дзе кожнае слова мае свой і колер, і смак, і водар.
Дацэнты кафедры беларускай літаратуры А.Э. Сабуць і П.І. Маляўка прапанавалі некалькі эскізаў літаратурнага і песеннага гучання беларускага слова. Парадавалі залу і прыгожыя песні (народныя і нават бардаўскія) на беларускай, польскай і ўкраінскай мовах у выкананні студэнтаў спец. «Беларуская філалогія».
Усе прысутныя дакрануліся да хараства Слова, да таемнай музыкі слоў у Паэзіі – сапраўднага МАСТАЦТВА, у якім жывуць філолагі і іхнія прыхільнікі. Невыпадкова напрыканцы ўсе разам выканалі вядомую песню «Простыя словы». З заклікам любіць і шанаваць РОДНЫЯ ПРОСТЫЯ СЛОВЫ.
Со всеми новостями филологического факультета можно ознакомиться здесь.