Больш за 1000 чалавек далучыліся да напісання традыцыйнай Купалаўскай дыктоўкі. Сярод іх не толькі купалаўцы, але і навучэнцы школ і замежныя студэнты з Расіі і Кітая. У гэтым годзе ўдзельнікі пісалі верш “Спадчына”, які належыць пяру Янкі Купалы – вялікаму песняру беларускага слова.
У гэтым годзе дыктоўка была асаблівая: яна аб’яднала тры яскравыя падзеі. Па-першае, яна прысвечана 140-годдзю з Дня нараджэння вялікага беларускага класіка Янкі Купалы, імя якога з гонарам носіць наш універсітэт. Па-другое, дыктоўка прысвечана Дню роднай мовы – святу, якое адзначаецца ва ўсім свеце. І, па-трэцяе, традыцыйна Купалаўская дыктоўка прысвечана Дню нараджэння Універсітэта.
Як адзначыў першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі, дыктоўка – яшчэ адна магчымасць выказаць пашану да роднай мовы, бо яна ёсць неацэнны скарб кожнай нацыі.
– Дыктоўка праходзіць ужо ў чацвёрты раз і з кожным годам збірае ўсе больш удзельнікаў. Падзея ў гэтым годзе праходзіць у новым фармаце. Да нас па відэасувязі далучыліся студэнты, якія вывучаюць беларускую мову ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя Ламаносава, студэнты кітайскіх ВНУ, а таксама супрацоўнікі пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітаі, – расказаў Юрый Раманоўскі. – Безумоўна, да нас далучыліся і гарадзенцы: нашыя спартсмены, кіраўніцтва гарвыканкама, школьнікі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў дыктоўкі звярнуўся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Юрый Сянько. Ён адзначыў, што шанаваць родную мову і яе скарбы вельмі важна.
– Я з задавальненнем далучыўся да Купалаўскай дыктоўкі! Вельмі прыемна, што мая alma-mater кожны год запрашае супрацоўнікаў пасольства прыняць удзел у гэтым асаблівым мерапрыемстве, – адзначыў Юрый Сянько.
Дыктоўка распачалася адначасова ва ўсіх карпусах універсітэта, яе агучвалі выкладчыкі філалагічнага факультэта. Па відэасувязі да напісання далучыліся ў Кітаі і Расіі. Пасля мерапрыемства ўдзельнікі змаглі самастойна праверыць напісанае, а на памяць атрымалі сімвалічны падарунак і бланк са сваім тэкстам.