У аўтарытэтным навуковым форуме, які пройдзе 26 кастрычніка, прымуць удзел звыш 60 вядучых беларускіх і польскіх навукоўцаў.
XХIV Міжнародная навуковая канферэнцыя «Шлях да ўзаемнасці» праводзіцца Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам, Грамадскім аб’яднаннем «Саюз палякаў на Беларусі», Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Польшчы, Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы ў супрацоўніцтве з кафедрай беларускай філалогіі Універсітэта ў Беластоку.
Удзельнікамі навуковай сустрэчы стануць беларускія і польскія навукоўцы, прафесійная дзейнасць якіх непасрэдна звязана з перспектывамі развіцця беларуска-польскага памежжа, міжнацыянальнай культурнай, літаратурнай і гістарычнай спадчынамі, а таксама з сучаснасцю і будучыняй народаў-суседзяў. Даследчыкі сканцэнтруюць увагу на пытаннях вывучэння дыялектнай мовы памежнага рэгіёну, а таксама польскай і беларускай літаратурных моў, літаратурным патэнцыяле пісьменнікаў, якія жылі і працавалі на Гродзеншчыне і Беласточчыне, гістарычных рэаліях сучаснага славянскага свету і іх уплыву на беларуска-польскія стасункі як у культурным, так і ў сацыяльна-эканамічным аспектах. Штогод, пачынаючы з 1999, канферэнцыя праходзіць папераменна на беларускай і польскай землях. Па выніках канферэнцыі было выдадзена 18 тамоў навуковых артыкулаў.
У пленарным пасяджэнні канферэнцыі плануюць прыняць удзел ганаровыя госці, сярод якіх намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк, консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку Вадзім Свярчкоў, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Шумейка, старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі і старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі» Мечыслаў Лысы.
У межах работы канферэнцыі будуць акрэслены далейшыя шляхі развіцця беларуска-польскіх сувязей, якія дапамогуць забяспечыць сучасны дыялог, заснаваны на шчырым сяброўстве, пашане і інтэркультурных стасунках.
Урачыстае адкрыццё канферэнцыі пройдзе па адрасе: вул. Ажэшкі, 22, аўд. 209.
З праграмай канферэнцыі можна азнаёміцца ў дадатку.