Прэзентацыя манаграфіі «Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (канец XVIII– пачатак XX ст.)» на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызма ГрДУ імя Янкі Купалы 23 мая 2016 года сабрала больш за паўсотню слухачоў. Сярод іх выкладчыкі, студэнты, прадстаўнікі праваслаўнага, рымска-каталіцкага і грэка-каталіцкага духавенства.
Прэзентацыя ладзілася пры дапамозе Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, які прадставілі загадчык аддзелам гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага даследавання Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт В.В. Яноўская – кіраўнік аўтарскага калектыва і навуковы рэдактар. Таксама ў прэзентацыі ўдзельнічала навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі, кандыдат гістарычных навук Р.У. Зянюк – спецыяліст па гісторыі рымска-каталіцкай царквы Беларусі ў ХІХ ст.
>Пры мностве навуковай літаратуры, якая за апошнія гады выйшла з-пад пяра беларускіх даследчыкаў канфесійнай гісторыі, кніга «Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (канец XVIII – пачатак XX ст.)» – асобага роду. Яна ўяўляе сабой фундментальнае акадэмічнае выданне, якое можна лічыць абагульняючай працай па канфесійнай гісторыі Беларусі на значным храналагічным адрэзку. Фактычна гэта другое ў Рэспубліцы Беларусь абагульняючае выданне па дадзенай праблематыцы пасля кнігі «Канфесіі на Беларусі. Канец XVIII – ХХ ст.», падрыхтаванай навуковым калектывам Інстытута гісторыі (У.І. Навіцкі, В.В. Грыгор’ева (Яноўская), А.М. Філатава) у супрацоўніцтве з магістрам тэалогіі і кандыдатам гістарычных навук ксяндзом У.М. Завальнюком.
Кніга «Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (канец XVIII – пачатак XX ст.)» рыхтавалася на працягу пяці гадоў (2011-2015 гг.) у межах Дзяржаўнай праграмы «Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава». У яе выкананні прынялі ўдзел супрацоўнікі аддзела гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага даследавання Інстытута гісторыі НАН Беларусі (В.В. Яноўская, А.М. Філатава, Р.У. Зянюк, Н.В. Анофранка, А.Э. Сакольчык, К.С. Церашкова), а таксама двое спецыялістаў па канфесійнай гісторыі ХІХ ст. з рэгіянальных універсітэтаў: з Гродна – даследчык гісторыі ўніяцкай царквы доктар гістарычных навук С.В. Марозава і даследчык з Брэста – кандыдат гістарычных навук С.М. Васовіч.
Прэзентацыя не выпадкова адбылася ў Гродна. Тут знаходзіцца адзіны ў Беларусі Музей гісторыі рэлігіі, у якім адбылася прэзентацыя, а ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы існуе моцная навуковая школа даследавання канфесійнай гісторыі Беларусі. У Гродзенскім краі пытанні гісторыі рэлігіі і царквы выклікаюць вялікую цікавасць гродзенцаў: гуманітарыяў, студэнтаў, краяведаў, духавенства, вернікаў, аматараў гісторыі.
Варта адзначыць, мінскія і гродзенскія даследчыкі плануюць стрварыць працы па канфесійнай гісторыі Беларусі ХХ ст., а таксама Х – XVIII стагоддзяў.
З усімі навінамі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызма можна пазнаеміцца тут.