На філалагічным факультэце Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы 9 кастрычніка 2015 года адбылася чарговая навуковая канферэнцыя – Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні.
Як і два гады назад навуковая імпрэза сабрала выкладчыкаў, навукоўцаў і проста аматараў творчасці беларускага пісьменніка-класіка. У той жа час Купалаўскія чытанні гэтага года мелі і сваю адметнасць: упершыню ў іх не прымаў удзелу пастаянны і нязменны дакладчык – прафесар, доктар філалагічных навук І.Я. Лепешаў. Якраз на час канферэнцыі прыпала гадавіна яго смерці. Натуральна, што навуковая імпрэза пачыналася і праходзіла пад знакам памяці вядомага гродзенскага навукоўцы, у творчым набытку якога былі даследаванні, артыкулы, прысвечаныя і творчасці Янкі Купалы.
На ўрачыстым адкрыцці канферэнцыі прысутнічалі прарэктар па навуковай працы У.Г. Барсукоў, дэкан філалагічнага факультэта І.С. Лісоўская, загадчыкі кафедраў, шматлікія госці і студэнты ўніверсітэта. У сваіх прывітальных прамовах выступоўцы падкрэслілі знакавасць гэтай падзеі для факультэта і ўніверсітэта, адзначылі нязменную зацікаўленасць навукоўцаў да творчасці Янкі Купалы і літаратуры ўцэлым.
У гонар Янкі Купалы была прысвечана літаратурна-музычная кампазіцыя «У адвечнай хадзе Беларусь і Купала», якую падрыхтавалі студэнты і выкладчыкі факультэта. Выключна кранальна прагучалі ў іх выкананні вершы і песні на словы Янкі Купалы. Задушэўны настрой для прысутных ўдалося стварыць песнямі «Спадчына», «Явар і каліна», «Мая малітва».
Працягам мастацкай часткі канферэнцыі стаў дакументальны фільм «Я не мог не пісаць…», прысвечаны І.Я. Лепешаву. Матэрыялы для фільма сабралі і падрыхтавалі супрацоўнікі музея ўніверсітэта і выкладчыкі кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства, дзе да апошняга часу працаваў Іван Якаўлевіч. Так прысутныя змаглі яшчэ раз адзначыць складанасць і драматызм лёсу вучонага, а таксама ацаніць важкасць здзейсненага для беларускай навукі гэтым таленавітым і апантаным сваёй працай чалавекам.
Далей пленарнае пасяджэнне праходзіла ў традыцыйным плане: з навуковымі дакладамі выступілі вучоныя ўніверсітэта і яго госці. Выклікалі агульную зацікаўленасць выступленні І.Жука, Т.Аўтуховіч, М.Даніловіча, Т.Сіманавай, якія выказалі свае погляды на знакавыя праблемы літаратурнага жыцця, на адметнасць творчага працэсу ўцэлым.
Распачатыя на пленарным пасяджэнні дыскусіі былі працягнуты на 6 секцыях канферэнцыі, якія пачалі працу а 14.00 гадзіне. Прадстаўленыя на секцыях паведамленні паказалі дастаткова разнастайную колькасць праблемных напрамкаў, якія датычыліся як творчасці Янкі Купалы, так і мовы, і літаратуры ўвогуле. У секцыі «Янка Купала ў беларускім літаратуразнаўстве: рэцэпцыя, інтэртэкстуальнасць, дыдактыка» абмяркоўваліся праблемы спасціжэння Купалавага слова і творчасці ў навуцы і адукацыі, канструктыўная размова і абмен думкамі пра адметнасць мовы Купалы адбыліся падчас працы секцыі «Мовазнаўчая купаліяна». Секцыя «Актуальныя праблемы мовазнаўства, літаратуразнаўства і журналістыкі» аб’яднала розных па сваіх навуковых пошуках навукоўцаў, метадыстаў, культуролагаў, маладых вучоных – магістрантаў, але тым не менш было створана выключнае ўзаемадзеянне і выяўлена шчырая зацікаўленасць праблемамі і маладых даследчыкаў, і сталых навукоўцаў.
Праца ў секцыях была завершана круглым сталом «Спадчына янкі купалы і славянскія літаратурныя традыцыі» і заключным пасяджэннем, дзе важка прагучала думка пра нязменную духоўную прысутнасць Янкі Купалы ў мастацкай прасторы самой беларускай літаратуры і літаратуры іншых славянскіх народаў.
У заключнай частцы канферэнцыі былі зроблены вывады па выніках працы секцый, выказаны пажаданні, а таксама вызначаны напрамкі працы для навукоўцаў на перыяд да новых Купалаўскіх чытанняў.
З усімі навінамі філалагічнага факультэта можна пазнаёміцца тут.