Аўтар кнігі, выхад якой прымеркаваны да 80-годдзя Купалаўскага ўніверсітэта і 75-годдзю Вялікай Перамогі, - кандыдат гістарычных навук, дацэнт Андрэй Гецэвіч.
Як адзначыў аўтар кнігі «Вялікая Айчынная вайна ў лёсах супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта», падрыхтоўка юбілейнага выдання - гэта даніна павагі і ўдзячнасці людзям, якія 75 гадоў таму адстаялі незалежнасць роднай зямлі. У кнізе сабраны ўспаміны работнікаў і дакументальныя сведчанні ўдзельнікаў ваенных дзеянняў, якія ў мірны час былі рэктарамі, дэканамі факультэтаў, загадчыкамі кафедраў, выкладчыкамі, работнікамі аддзелаў, бібліятэкі, гаспадарчых падраздзяленняў універсітэта, камендантамі інтэрнату.
У адным выданні - інфармацыя пра больш чым 90 работніках універсітэта, якія прайшлі нягоды ваеннага ліхалецця. Яны ваявалі на асноўных франтах Айчыннай вайны, партызанілі, ратавалі жыццё ў блакадным Ленінградзе, а таксама прымалі ўдзел у вайне з Японіяй, Фінляндыяй. Некаторыя пражывалі на часова акупаваных ворагам тэрыторыях і ўступілі ў рады Чырвонай Арміі ў апошні перыяд вайны. Ёсць сярод герояў кнігі і малалетнія вязні нямецкіх канцлагераў, якія прайшоўшы праз цяжкія выпрабаванні ў юным узросце, знайшлі ў сабе сілы для стваральнай працы ў мірны час, сталі педагогамі і на працягу многіх гадоў працавалі ў сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Аўтар правёў вялікую працу з дакументальнымі крыніцамі. У кнігу ўключаны аўтабіяграфічныя дадзеныя, інфармацыя з ўзнагародных дакументаў, а таксама захаваліся ўспаміны не толькі саміх герояў, але і іх блізкіх сваякоў, калегаў, студэнтаў, таварышаў па службе. Юбілейнае навуковае выданне адрасавана шырокаму колу чытачоў, перш за ўсё, школьнай і студэнцкай моладзі, усім, хто цікавіцца гісторыяй роднай краіны і Купалаўскага ўніверсітэта.
Пра лёсы супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў гады Вялікай Айчыннай вайны мы плануем распавядаць штодня на сайце ўніверсітэта. У рамках адмысловай рубрыкі, прысвечанай 75-годдзю Вялікай Перамогі, рэгулярна будуць з'яўляцца публікацыі пра герояў кнігі Андрэя Гецэвіча «Вялікая Айчынная вайна ў лёсах супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта».