Аркадзій Міхайлавіч Сушчэнін нарадзіўся 20 кастрычніка 1914 года ў вёсцы Пласток Бабруйскага павета Мінскай губерні.
У 1941 годзе скончыў курсы малодшых палітрукоў Ленінградскага Чырванасцяжнага ваенна-палітычнага вучылішча імя Энгельса. З 22 чэрвеня 1941 па 7 жніўня 1942 года ваяваў на Кіеўскім, Бранскім, Паўднёва-Заходнім франтах: старэйшы палітрук мотастралковай роты 10-й танкавай арміі і 133-й танкавай брыгады. Увесь гэты час знаходзіўся на перадавой да цяжкага ранення, якое прывяло да інваліднасці.
Аркадзій Міхайлавіч Сушчэнін - удзельнік абароны гарадоў Кіева і Масквы. Інвалід Вялікай Айчыннай вайны. Двойчы паранены. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, які быў уручаны ў 1942 годзе ў Крамлі М. І. Калініным, медалямі «За абарону Масквы», «За абарону Кіева», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 - 1945». Пасля вайны працаваў у партыйных і савецкіх органах. У нашай ВНУ быў загадчыкам кабінетам гісторыі КПСС.
З узнагароднага ліста:
«Палітрук Аркадзій Міхайлавіч Сушчэнін ў баі 11 лютага 1942 г., камандуючы блакавальнай групай I-га эшалона, са сваім падраздзяленнем заняў 8 дзотаў. Знішчыў больш за 100 фашысцкіх салдат і афіцэраў, захапіў 6 мінамётаў, 2 буйнакаліберныя стрэльбы, да 25 ручных кулямётаў, шмат патронаў і мін. Асабістым прыкладам натхняў байцоў на штурм, ідучы ўвесь час наперад, закідваў дзоты гранатамі. У апошнім баі знішчыў асабіста да 4 фашыстаў. Удзельнік многіх баёў. Непрымірыма ставіцца да трусау і панікёраў.
24 красавіка 1942 года».
З кнігі «Вялікая Айчынная вайна ў лёсах супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта», аўтар-складальнік - Андрэй Гецэвіч.