Сёння, 7 ліпеня, уся краіна і мы, купалаўцы, святкуем Дзень нараджэння вялікага беларускага паэта Янкі Купалы, імя якога носіць наш універсітэт.
Да 140-годдзя Янкі Купалы ва ўніверсітэце распрацавалі вялікі план святочных мерапрыемстваў! У іх ліку былі флэшмоб “Купалава словы гучыць па ўсім свеце”, “UniQuiz: па слядах Янкі купалы”, “Купалаўская дыктоўка”, конкурс прамоўніцкага майстэрства “Лагасфера”, “Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні” і шмат іншага. А сёння, у Дзень нараджэння класіка, адбылася акцыя “Чытаем Купалу разам” і працавала адкрытая інтэрактыўная пляцоўка “Янку Купалу прысвячаецца”.
Дарэчы, акцыя ўжо не першы год праходзіць у межах грамадзянска-патрыятычнага праекта "Жывая гісторыя" і стала добрай традыцыяй. У гэтым годзе яна суправаджалася працай адкрытай інтэрактыўнай пляцоўкі, арганізатарамі якой выступілі ўдзельнікі профільнага аздараўленчага лагера «Настаўнік NEXT», які працуе на базе педагагічнага факультэта. Навучэнцамі і педагогамі сярэдняй школы №7 горада Ваўкавыск была падрыхтавана віктарына і падабраны цікавыя факты аб жыцці і творчасці Янкі Купалы.
Удзел у творчым флэшмобе прынялі рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, першы прарэктар Юрый Раманоўскі і прарэктар па выхаваўчай працы Васіль Сянько. Ірына Фёдараўна падкрэсліла значнасць акцыі:
– Сёння сапраўды асаблівы дзень для Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, таму што да гэтай даты мы ішлі цэлы год. Гэта вялікі гонар для нашага ўніверсітэта – насіць імя песняра беларускай зямлі, насіць імя чалавека, жыццё якога непарыўна звязана з нашай Радзімай.
У яркі сонечны дзень удзельнікі праекта "Жывая гісторыя" запрашалі да "адкрытага мікрафона" ўсіх жадаючых прачытаць любімыя радкі з твораў паэта на імправізаванай сцэне каля галоўнага корпуса. Прымалі ўдзел у акцыі не толькі супрацоўнікі і студэнты Купалаўскага ўніверсітэта, але і мінакі. У дапамогу ім падрыхтавалі стэнд з кнігамі, дзе былі прадстаўлены лепшыя творы паэта.
Важнасць мерапрыемства для моладзі адзначыў студэнт 4 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Арсеній Сідаркевіч:
– Янка Купала – гэта чалавек-эпоха, чалавек, чыё імя назаўжды ўнесена ў гісторыю Беларусі. Слова Янкі Купалы жыве ў нашай мове, у нашай паэзіі, у нашым сэрцы. У год гістарычнай памяці важна захоўваць памяць аб нашай гісторыі і культуры, важна памятаць тых, хто зрабіў шмат для нашай Беларусі. Бо захоўваючы гісторыю, мы будуем будучыню.
Янка Купала – класік беларускай літаратуры, акадэмік, першы народны паэт, які зрабіў неацэнны ўнёсак у развіццё беларускай літаратуры, культуры, мовы. Сёння памяць аб Янку Купалу захоўваюць музеі, бібліятэкі, названыя ў яго гонар вуліцы, плошчы, тэатры. І што асабліва ганарова – імя Янкі Купалы носіць і наш універсітэт.