Фінал конкурсу, падчас якога ўдзельнікі прадставяць прэзентацыі сваіх мясцовых турыстычных праектаў, адбудзецца 18 мая.
Конкурс, прысвечаны Году малой радзімы ў Рэспубліцы Беларусь і арганізаваны факультэтам гісторыі, камунікацыі і турызму, праходзіць у два этапы. Падчас першага ўдзельнікі правялі даследаванне турыстычных рэсурсаў малой радзімы і прапанавалі ідэю турыстычнага праекта.
Цяпер фіналісты конкурсу пад кіраўніцтвам педагогаў і з дапамогай навуковых кансультантаў кафедры турызму і культурнай спадчыны падрыхтуюць прэзентацыі сваіх турыстычных праектаў і прадставяць іх журы.
Як адзначыла старшыня журы конкурсу, дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Тамара Піваварчык, конкурс выклікаў вялікую цікавасць сярод устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці. Усяго на першы (завочны) этап конкурсу было пададзена 68 заявак. Найбольш актыўнымі былі школьнікі г. Гродна, Слонімскага, Лідскага, Свіслацкага і Ваўкавыскага раёнаў.
Многія справаздачы па выніках першага этапу конкурсу ўжо змяшчалі ў сабе не толькі разгорнутае апісанне і аналіз мясцовых славутасцяў і турыстычных рэсурсаў, але і ідэі будучых праектаў: турысцка-экскурсійных і спартыўна-турыстычных маршрутаў, анімацыйных праграм і квэстаў для дарагіх гасцей.